На ўроках настаўніка гісторыі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Андрэя Марозава да дошкі выходзяць не проста вучні, а тыя асобы, якія стваралі мінулае
Прымяраючы на сябе гістарычныя ролі, дзеці дэталёва запамінаюць даты і падзеі, якія з імі звязаны.
Матываваныя дзеці — аднадумцы Андрэя Марозава. Калі педагог бачыць, што вучням цікавы яго прадмет, ён прапануе ім дадатковыя заняткі. Адной з паспяховых сумесных ініцыятыў, якую развівалі настаўнік і вучні, стала распрацоўка экскурсійна-адукацыйнага праекта для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Створаны праект — гэта сайт, які прысвечаны Лошніцы.
Новы навучальны год у Андрэя Марозава пачаўся не толькі з урокаў. Настаўнік рыхтуецца да фіналу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады настаўнік” і стараецца эфектыўна сумяшчаць выкладанне з падрыхтоўкай да прафесійнага спаборніцтва.